Рыцары Святла (абаронцам Курапатаў прысвячаецца)
— Дзеда! Дзеда! Распавядзі пра героя, — закрычалі падбягаючы малыя дурасліўцы.
— Добра, сядайце больш утульна, — пачаў стары. — Жылі-былі дзед ды баба, елі кашу з малаком...
— Ну дзеда!.. Пра героя распавядзі...
— Добра, — усмiхнуўся стары. — Слухайце, што распавяду. Было гэта год 50 таму...
***
— Заварушыліся ўжо...
— Хто?
— А вунь, служкі ў шэрым каля ўмацаванага лагера. І хутка ж яны збудавалі яго. Відаць, добра плацяць...
— Ці моцна прыгнятаюць.
— Мусіць і так.
Два рыцары ў белых сюрко глядзяць проста. На іхніх беласнежных накідках чырванеюць крыжы. У якасці даспехаў — тактычная вопратка і бушлаты.
Крыху далей ідуць яшчэ два рыцары. У дакладна такім самым строі яны павольна прагульваюцца.
— Трэба ўсталяваць крыжы вакол мура, — прапануе Артур. — Няхай бачаць, што Хрыстос з намі. Трэба толькі размеркаваць, хто што рабіць будзе...
— Добрая ідэя, — зазірнуўшы ў твар Артуру кажа Зміцер. — Зробіш?
— Ну тут трэба размеркаваць, — адказвае Артур. — Хто й за што бярэ на сябе адказнасць?..
— Гэта ўсё харашо. Ты возьмешся за гэта?
— Ну так... добра... А да каго можна звярнуцца? Хто дапаможа арганізаваць усталёўку?
— Пагутар з Кастусём. У яго павінны быць кантакты цесляра... Так. Усё, братка, давай пойдзем... Бо тут гэтыя сатаністы зноў пачынаюць, — кажа адыходзячы Зміцер.
— Ну я тут пагляджу, у каго якія магчымасці ёсць...
— Добра. Давай, — вымаўляе не паварочваючыся ваявода. Ён ужо ў некалькіх кроках ад Артура.
Служкі, тым часам, працягваюць умацоўваць лагер. Уранку яны ўдарылі па пазіцыях Рыцараў. Зблыталі шыхты Святла і тыя пратрубілі адступ. Такім чынам, абаронцаў Курапатчыны адцяснілі далей ад мяжы. А зараз Чорныя Ландскнехты ўзмацняюць свае пазіцыі новым муром.
З алавяных хмараў сыпле мокры снег. Пад нагамi чмякае бруд. Рыцары Святла збягаюцца ў адзіны шыхт. Але дрыгва засмоктвае і не адпускае боты. Там, дзе менш гразка, бялеюць танюткія дываны снегу. А калі ваяры нарэшце пашыхтаваліся, вецер пачаў раз’юшана кідаць мокрую кашу ім у твар.
Зміцер скамандаваў «Наступ!» і шыхт імгненна зварухнуўся. Адразу, з цяжкасцю перасоўваючыся, усе павольна ішлі. Потым крок паскорыўся, перайшоў у марудны бег. І ўрэшце ваяры пачалі бегчы нястрымна. За колькі метраў шыхт па ўсёй сваёй працягласці закрычаў «Рубон»!
Рыцары Святла ўварвалiся ў стан непрыяцеля. Яны пасеялi сумятню ў шэрагах служак. Валiлi новыя пабудовы, ламалi iх. Потым адбягалі назад, шыхтаваліся і зноў рушылі на ўмацаваны лагер. «Рубон»! І ўжо нічога не засталося ад пашыранага тыну. Рыцары дабраліся да паркана.
Але з брамы выбеглі Чорныя Ландскнехты. І рэшткі шэрых служкаў паўцякалі прэч. Зацягнулася бойка. Гадзіну бітва рухалася то да брамы, то ў дрыгву. Байцы адціскалі адзін аднаго і са стогнам выскалялі зубы... І знянацку Ландскнехтаў утрая пабольшала...
Новы тын, а потым паркан усё ж узнiк. Чорны гмах узняўся па-над векавымі дрэвамі Курапатчыны. Нават зямля вакол счарнела і патрэскалася.
***
Рыцары перавязваюць раны. Яны вытрымалi ўтрая большы нацiск. Цяпер у ваяроў вочы самі заплюшчваюцца. Іхнія рухі сталі нязграбнымі. Але заснуць ніхто не можа. Здаецца, увесь час нешта перашкаджае гэтаму. Усе, аднак, разумеюць, што адпачыць трэба. Уначы iх чакае сюрпрыз.
Зноў выглянула сонца. Ягоныя промні прабіваюцца праз алавяныя хмары. Вецер пакрысе гонiць імглу далей, на захад. Ваявода глядзiць на хутка адбудаваны чорны гмах. Уважлiва ўглядаецца. То блага змацаваныя падпоркі паркана, то занадта высокія вежы трапляюцца Змітру на вочы.
— Змiцер, здаецца, Наста iдзе, — сказаў нехта з рыцараў.
— Так, добра, — адказаў ваявода, паглядзеўшы ўлева.
З боку гасцiнца рухаецца ў бок абаронцаў дзяўчына. Яна нясе дзве торбы. Перыядычна ставiць iх на зямлю, пацiрае далонi, потым рэзкiм рыўком узнiмае iх i iдзе далей. Рухi яе крыху нязграбныя. Дзе-нiдзе дзяўчына спатыкаецца. Але рушыць далей, не звяртаючы на тое ўвагi.
Берцы замільгацелі па-над лужынамі. Яны пераскокваюць брудныя плямы расталага снегу. То ў адзін бок кідаюцца, то ў другі... Такім чынам, Зміцер прабег да сушэйшага месца. Далей ён рухаўся наўпрост.
Наста апранута ў малінавую куртку, штаны й боты. На шыі закручаны чорны шалік.
Змiцер падыйшоў да жонкі, пацалаваў яе. Паглядзеў у твар. Вочы Насты былi прыплюшчаныя. Вусны й кончык носа зчырванелi ад холаду.
— Як даехала?
— Нармалёва.
— Як Марка з Давiдам?
— У царкве зараз. А ў вас што новага?
— Ды вось, спрабавалi адбiць тэрыторыю, дык не атрымалася. Сатанiсты гэтыя пашырылі свой лагер. Зараз крыжы будзем усталёўваць... Ды добра, хадзем да ўсiх. Што ты тут нам смачнага нагатавала? — Змiцер зазiрнуў у адну з торбаў.
Рыцары ўсёй грамадой сустракаюць Насту. Штодня жонка ваяводы прыносіць ваярам ежу. Таму і зараз да вогнішча падыйшлі ўсе байцы.
Павал узяў гітару і заспяваў «Магутны Божа». Потым палілося «Развітанне з Радзімай» і яшчэ шмат якія творы гучалі па-над Курапатчынай. Такім чынам, слухаючы спевы і падпяваючы, Рыцары паабедалі і адпачылі.
І вось Наста зноўку сыходзіць. Да дому, да дзяцей. Каб у наступны дзень ізноў прынесці абаронцам прысмакаў. Зміцер праважаў яе доўга. Яны аб нечым размаўлялі ля гасцінца. А потым Наста з’ехала.
Рыцары ўмацоўваюць свой стан. Прыбіраюць яго, ставяць бочкі для вогнішча. Усе рыхтуюцца трымаць начную варту. Заступае першая змена...
***
Раптоўна надыйшла ноч. Такая цёмная, што хоць вока калi. З-за кута паркана выбег чортавы тузін ландскнехтаў. Яны, апранутыя ва ўсё чорае, раз’юшана крычалі:
— Белые розы! Белые розы!
Менавіта белая ружа выяўлена на іхніх чорных сюрко. Для ландскнехтаў гэта сімвал адзінства. Кожны з іх нясе асабістую адказнасць за дзеянні сваіх паплечнікаў.
Яны трымаюць у руках зброю. Хто з дрыном, другі — з калом, а некаторыя i з больш сур’ёзнымi рэчамi... Накінуліся шалёна і б’юць, збіваюць з ног, дабіваюць Рыцараў. Зрабіўшы чорную справу, уцякаюць. На шчасце, забітых не няма.
Рыцараў Святла ў начной варце ўсяго паў тузiна. Ландскнехтаў — удвая больш: гэта заўсёдная іхняя тактыка. Толькі колькасцю яны перамагаюць. Але не заўжды. Часам, нават перавага ў два ці тры разы не дапамагае. Варта толькі мужна выстаяць, прынесці сябе ў ахвяру справядлівай справе.
***
Надыйшоў новы дзень. Пахмуры, нават дождж iмжыць. Алавяныя хмары напаўзаюць ад усходу. Сонца нiбы ўцякае ад чорнай навалы. Страх i жах поруч накiдваюцца на ўсё жывое.
З самага ранку Чорныя Ландскнехты метусяцца ва ўмацаваным лагеры. Ды так, што нават на вялiкiм прамежку чутны каманды іхнiх камадзiраў.
— Да нечага рыхтуюцца, — кажа ваявода. Зміцер пільна ўглядаецца ў гэтую метусню. Побач стаяць Рыцары Алесь і Ўладзь. Яны таксама глядзяць у бок чорнага гмаху. Нават вочы прыжмурылі, каб лепш бачыць.
— Алесь, загадай рыхтавацца да бітвы, — вымавіў Зміцер. — Сёння будзе слаўная сеча.
У тое ж iмгненне Рыцар знiк выконваць загад. А другi — Уладзь — не адрываючы позiрку ад Чорнай Цытадэлi, сказаў:
— Сённi даведаемся, цi вартыя мы лiтасцi Божай. Цi самi загiнем, цi ворага зрынем.
— То праўду кажаш, — вымавiў ваявода.
Рыцары Святла пачалi падрыхтоўку да бiтвы. Кожны ваяр даглядаў i чысцiў вопратку й зброю. Некаторыя спавядалiся капелану Алесю. Хтосьцi малiўся сам, у адзiноце...
Блiжэй да паўдня над Чорнаю Цытадэллю згусцiлася цемра. Над гмахам i вакол яго пачалi кружыцца сцярвятнiкi.
Цемра паўсюль i толькi над Рыцарамi яшчэ ззяе сонца. Знянацку з цемры пачуўся прарэзлiвы гуд. I ў той жа час з усiх бакоў Цытадэлi пачынаюць вылазiць Чорныя Ландскнехты. Iх процьма. Ужо сфармавалiся шыхты паперадзе iхняга лагера, а з цемры ўсё перлi чорныя й шэрыя орды.
I вось Ландскнехты пашыхтавалiся. За iмi хаваюцца служкi ў шэрым. Уся гэтая раць пачынае раз’юшана бiць шчытом аб шчыт, крычаць i тупаць нагамi.
Рыцары Святла пашыхтавалiся шчыльнымi радамi. Iхняе войска значна меншае за чорную раць. У параўнаннi з гэтым Галiяфам ваяры ў белых сюрко былi Давiдам.
Абодва бакi пашыхтавалiся. Надышла цішыня. З шэрагаў Чорных Ландскнехтаў выехалі чатыры вершнікі. Белы, гняды, вараны i бледны конi пад iмi. Коннiкi пад’ехалi блiжэй. I ўжо можна разгледзець iх падрабязна.
На белым канi ўзвышаўся даўгавязы бландын. Яго прыўзнятыя бровы выгнулiся дугою. Вочы адкрытыя, быццам убачыў, як маленькая букашка спрабуе растаптаць яго, такога вялiкага багатыра. Але ў той жа час Ландскнехт глядзіць нібы скрозь Рыцараў. Яго вялiкiя і хуткiя вочы да таго яшчэ i блiшчаць. Шыя ў яго выпрастаная, як у гусака. Грудзi ў гэтага чалавека шырокiя, тулава выпрастанае. Конь пад iм рухаецца павольна.
Гнядога скакуна асядлаў счырванелы чалавек. Ягоныя бровы апушаны і зведзены. Пагляд у гэтага Ландскнехта завостраны. Вочы прыжмураныя. Ён узіраўся ў шыхты Рыцараў. Вусны ў яго сціснутыя, ажно ператварыліся ў дзве тонкія паралельныя лініі. Куты рота рэзка акрэсліліся, калі рыжы Ландскнехт зірнуў на Змітра. Вершнік, бы жывёла, выскаліў зубы. А вочы ў яго аж блішчаць.
Вершнік на вараным кані таксама глядзіць на шыхты Рыцараў з-пад ілба. Але пры гэтым ён штосьці мармытае сабе пад нос. Вочы гэтага Ландскнехта блішчаць, як у ваўка. А валасы ў яго чорныя, бы сама ноч.
Апошні коннік Цемры не глядзіць на Рыцараў увогуле. Гэта сівавалосы старац. Рот прыадчынены, а яго куты апушчаны. Вочы цьмяныя, на лбе вертыкальныя зморшчыны. Плечы апушчаны і рукі перакрыжаваныя на грудзях. Ён, здаецца, самы павольны з усіх.
Чатыры вершнікі пад’ехалі да шчыльных рыцарскіх радоў. Не марудзячы, яны адразу звяртаюцца да Змітра:
— Складзіце сваю зброю і схіліце галовы перад нашым гаспадаром. Тады — ён абяцае — вас чакае літасць.
— Няхай прыйдзе і возме нашу зброю, — адказаў Ландскнехтам ваявода.
— Хм, — усміхнуліся вершнікі. — Мы гатовыя колькі заўгодна сваіх жаўнераў прыносіць у ахвяру, але каб дамагчыся мэты.
— А я гатовы ахвяраваць уласным жыццём дзеля гэтых людзей.
Вершнік на гнядым кані счырванеў яшчэ больш. На твары ў яго зайгралі жаўлакі. Ноздры ўздзімаюцца бы кавальскія мяхі. Ніжняя губа адтапырылася ўперад і ўніз. Куты рота таксама апусціліся.
— Ты, поскудзь! — зароў рыжы вершнік. — Ды мы расплюшчым вас, як вошай! Заб’ем, а мярзоту вашую раскідаем паўсюль, каб сабакі елі!..
Ландскнехт спыніўся ад недахопу паветра ў грудзі. Ён гучна дыхаў, ды так, што ажно сліні ляцелі з роту. Кароткая паўза, і рэзка крутануўшы павады, Ландскнехты паімчалі ў цемру.
Алавяныя хмары згушчаліся над Цытадэллю і ардой у чорных сюрко. І цемра гэтая паўсюль. Толькі Рыцары стаяць яшчэ ў сонечных промнях. Зміцер становіцца перад шыхтом:
— У імя Айца і Сына і Святога Духа!
— Амэн, — адказваюць ў адзін голас ваяры.
— Воіны бога прыйшлі па мяне! — пачынае ваявода апакрыфічную малітву. І ўсе разам з ім. — Воіны бога прыйшлі па мяне. Яны прыйшлі — і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі — і не здрыгануліся калені мае. Цямноцце было вакол. — У гэты час Ландскнехты пачалі подла страляць па Рыцарах з гарматаў. — І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў. Як повень блізіліся яны, — але ваяры ў белых сюрко стаяць годна: не рухаюцца, не ўхіляюцца, нават выраз твару не мяняецца. — Як лава раслі яны. Як ураган раслі яны. Як сонца ў час смерці раслі яны. Як чорны агонь былі вочы іх, — раптоўна адзін са снарадаў трапіў дакладна ў шыхт Рыцараў. Некалькіх чалавек разарвала на кавалкі. Але ўсе працягваюць малітву. — Як сухая трава ў агні былі валасы іх. Як вежы ў пажар былі крылы іх. Як расплаўненая сталь былі мячы іх, — вось ужо і абстрэл скончыўся, і шыхты Цемры зварухнуліся. Бягуць, імгненна набліжаюцца да ваяроў у белых сюрко з чырвоным крыжам. — І разверзлася неба — і пажар быў за спінамі іх. Але не трапятала душа мая...
Разам з ардой набліжаецца й цемра. Нібы ўсё разам зварухнулася. Алавяныя хмары захопліваюць яшчэ светлыя прасторы неба. Яны паўтараюць усе рухі чорнай навалы. Парывы ветра ўзмацняюцца. Ён ператвараецца ў шторм.
Чорныя шыхты расцягваюцца ў бакі. Яны імчаць да Рыцараў з няўмольнай немінучасцю. І вось, гэтая лавіна ўжо блізка. Так блізка, што можна бачыць скошаныя твары Ландскнехтаў. Яны равуць, гудуць, выкрываюць праклёны, мацюгаюцца...
— Амэн! — малітва скончылася. Рыцары стульваюць свае шэрагі. І калі праціўнік ужо зусім блізка, ваяры разам закрычалі, — Рубооон!
Войскі схвоснуліся. Ландскнехты атачылі Рыцараў і пачалі сціскаць кальцо. А ў небе ў гэты момант алавяныя хмары захапілі ўвесь прастор. Толькі ваяроў у белых сюрко асвятляе яшчэ маленькая купка сонечных промняў.
Пачалася лютая бітва. Ландскнехты спрабуюць прарваць абарону Рыцараў. Тыя, у сваю чаргу, спрабуюць прасекчыся з акружэння. Але чорная безліч стаіць моцнай сцяной.
Загінуў першы Рыцар. Міхаіла пракалолі прама ў сэрца. Ён упаў на зямлю, не выпусціўшы з рук зброю. З другога боку празмерна вялікі Ландскнехт размахвае пудовай кувалдай. Вакол яго на метраў дзесяць вольная прастора. І вось, страшэнная зброя знаходзіць сваю мэту. Ад удара ў грудзі падае Віталь. У той жа момант на здаравяка кідаецца Рыцар Сяржук. Ён упіваецца пальцамі ў грыву вялікана. Ваяр б'е яго па галаве, пакуль той трымаецца на нагах. І, не гледзячы на свае гіганцкія памеры, маладабоец падае без прытомнасці.
Але Рыцары таксама кладуць праціўніка. І ўжо горы трупаў у чорных сюрко і шэрым адзенні ляжаць перад імі. Аднак хваля цісне ўсё мацней. Яе моц усё ўзрастае пад націскам апошніх шыхтоў.
Ландскнехты выхопліваюць са Светлага шыхта капелана Алеся. Накідваюцца на яго. Бязлітасна б’юць ды сякуць святара, плююць на крыж...
Рыцары змагаюцца мужна, да апошняга ўздыху. Але ўсё часцей і часцей падаюць мёртвымі. Ужо маленькая купка ваяроў змагаецца з шалёнай навалай. Ландскнехты гінуць без ліку. Але за палеглымі навальваюцца процьмы ды процьмы.
На небе амаль знікла купка сонечных промняў. Алавяныя хмары спускаюцца да зямлі. Ужо блішчыць маланка. Збіраецца навальніца...
Але раптам аднекуль здалёк чуецца кліч «Рубон»! На нейкі момант Ландскнехты спыняюцца. І Рыцары карыстаюцца гэтым. Сякуць бязбожнікаў, не шкадуючы. Бандыты ў чорных сюрко валяцца як папяровыя фігуркі пад дажджом. Крок за крокам рыцары прасякаюць сабе дарогу да Чорнай Цытадэлі.
І вось ужо бягуць Ландскнехты і служкі іхнія. Бягуць не толькі ад Рыцараў. Паспалітае рушанне прыйшло на дапамогу ваярам Святла. Гоняць орды, сякуць і дабіваюць. Няма бязбожнікам літасці.
Вецер ужо раскідвае і гоніць алавяныя хмары на ўсход. З неба глядзіць сонца і ягоныя промні кранаюцца ўсяго жывога на зямлі. Нават кветкі расцвітаюць і шчабятаюць птушкі.
Чорная навала знікае. Жаўнеры Паспалітага рушання пачынаюць руйнаваць Чорную Цытадэль. Паўсюль чуюцца радасныя воклічы. Усе падыходзяць адзін да аднаго, абдымаюцца ды віншуюць з перамогай.
***
Зміцер здымае сваё сюрко і кладзе яго на плячо Алесю. Ён рухаецца да Насты праз натоўп і пільна глядзіць ёй у вочы. Праціскаючыся, ваявода здымае свае даспехі. Аддае іх то аднаму, то другому Рыцару. Такім чынам распранаўся, пакуль застаўся адзін толькі строй. Звычайныя нагавіцы і швэдар малінавага колеру і боты.
У гэтым адзенні Зміцер падыйшоў да Насты. Ён узяў яе далоні ў свае. Доўга глядзеў з любасцю у яе вочы. Наста ж крыху прыплюшчыла павекі і прытулілася да мужа.
— Дзякуй табе, мая даражэнькая! — пяшчотна вымавіў Зміцер. — Прабач мяне за ўвесь гэты непакой. Ты мая каханая... Твае клопат і ласка атулялі мяне ўвесь гэты час, — Зміцер абняў Насту. І далей — шаптаў ёй у вушка. — Сапраўдны герой тут — ты. Твае малітвы бераглі нас усіх. Штодня я чакаў цябе. А ты... Ты паспявала зрабіць усю хатнюю справу, дагледзець дзяцей, прыгатаваць нам ежу... А потым ты прыходзіла. І разам з усім гэтым ты прыносіла нам цеплыню й святло. Менавіта ты перамагла на Курапатчыне. Я ўдзячны табе, Настачка. Я ўсё зразумеў. Выбачай мяне, даражэнькая! Я з табою. Цяпер я з табою. Абдымаю цябе і мілую.
Зміцер пацалаваў Насту. А ў гэты час за імі зазіхцела сонца. Яно нібы німб ахінула іхнія галовы.
***
Дзеці ўжо пазасыналі. Стары ж выцео слёзы і патушыў святло.







Комментарии
Отправить комментарий