002. Абмеркаванне справы


З Арцёмам мы пазнаёміліся ў агульнай суполцы. Мы хадзілі на Сквер, што ля бабруйскага драмтэатру. (Раней гэтае месца звалося Івушкай.) Нейкі час перамаўлялі на палітычныя тэмы. Ён распавядаў, што з“яўляецца анархістам, і нават суполку ў Бабруйску сабраў. Мне ж было цікава. Я гаварыў, што магу паспрыяць у плане выдання самвыдату, да прыкладу.

Праз пэўны час Арцём прыйшоў з Паўлам і яшчэ нейкім хлопцам. Яны папрасілі адыйсці ў бок. Зайшлі ў адзін са двароў: старыя, яшчэ напэўна дарэвалюцыйныя аднапавярховыя пабудовы. Пачалі размаўляць пра палітыку. І неяк незаўважна прайшлі да абмеркавання канкрэтнай дзейнасці.

- Я магу дапамагчы ў інфармацыйнай сферы, - кажу хлопцам. - Займаюся вёсткай, таму цяжкасцяў для мяне ў гэтым няма. Усё гатовы зрабіць бясплатна. Вам толькі раздрукоўваць трэба будзе. Але рабіць змагу не часцей, чым раз на два тыдні...

Гутарка зайшла далей. І ўжо не помню пасля чаго я пахваліўся сваёй дасведчанасцю ў радыкальным дзеянні. Але з маіх вуснаў прагучала:

- Можна, напрыклад, рабіць акцыю запалохвання. Вырабляецца самаробная бомба. Кладзецца, напрыклад, пад машыну ля КДБ. І бух! Толькі, каб людзей не было, якія пацярпелі б. І гэтак рабіць з адным і тым жа будынкам штомесяц. У адзін і той жа дзень і час.



Цяжка цяпер прыгадаць, ці адказалі хлопцы на тое хоць штосьці. Мы праз нейкі час размоваў разыйшліся ў розныя бакі. Але ўжо праз нейкі невялікі тэрмін (можа, тыдзень) на Сквер падыйшлі Арцём і Павел. Мы зноў адыйшліся ў той дворык.

- Ведаеш?.. Трэба рабіць, - кажа Арцём.

- Што? - спытаў я. Аднак тут жа прыгадаў нашую папярэднюю размову

- Акцыю трэба рабіць. Мы ж размаўлялі.

- Узрываць?.. - тут напэўна мае зрэнькі пашырыліся да памераў вока.

- Не. Гэтага не трэба. Але ёсць іншы варыянт. Бутэлькі з сумессю шпурлянуць у будынак КДБ.

- Толькі ж трэба абраць час, каб там нікога не было. Бо за гэта потым нам тэрмін вялікі могуць даць.

- Абяром. Акцыю прымяркуем да затрыманняў мінскіх анархістаў, - кажа Арцём.

- А за што іх затрымалі? - спытваю я.

- Яны кінулі бутэльку з сумессю на тэрыторыю Расійскай амбасады. Там машына згарэла. І яшчэ яны акцыі рабілі. У казіно «Шангрыла» яны яшчэ кідалі. Але там не атрымалася ў іх.

- Файна. Машыну ім спалілі.

- Так. Іх не адразу ўзялі яшчэ. Тады ўлады падумалі, што гэта расійская правакацыя. Адносіны ж у іх цяпер – не вельмі. Дык яны перасраліся паміж сабой. І толькі потым высветлілася, хто гэта зрабіў.

- Супер, - кажу я.

- Дык што? Ты з намі? - запытаў наўпрост Арцём.
Я адразу збянтэжыўся. Зрэнькі зноў павялічыліся. Нават мурашкі забегалі па целе. Але ўсё ж выціснуў з сябе:

- Так. З вамі.

- Добра. Тады трэба будзе падрыхтавацца. Дай свой нумар. Зтэлімся, возьмем інгрыдыенты і пачнем.

На гэтым сустрэча скончылася.

Комментарии

Популярные сообщения