001. Сустрэча з былым бэнээфаўцам


Канец траўня, 2010 год. Здаецца, гэта быў 29-ы дзень. Тады яшчэ пад Бабруйскам адбываўся міжнародны мотафестываль «Воўчыя сцежкі». Менавіта з яго я вяртаўся. Там было шмат знаёмых. Аднак на нейкім прамежку дарогі напаткаў Анку. Гэта тая дзяўчына, якая круціла фаер. Тады гэты занятак у нашым горадзе толькі пачаў з′яўляцца. У той час я тусіў з нефармаламі. Часта хадзіў на «івушку» ля драмтэатра. Завітваў і на анімку ля «Раяля». З Анкай там і пазнаёміўся.

Ішлі мы ад месца канцэрта пехатой. А ісці давялося доўга. Бо толькі да Бабруйску было больш за кіламетр. А потым яшчэ да цэнтра горада... Карацей, размаўлялі мы шмат пра што. І за даўнасцю год нават забыўся, на якія тэмы. Такім чынам дайшлі да скрыжавання вуліц Мінская і Кастрычніцкая.


Мы з Анкай перайшлі дарогу праз Кастрычніцкую і рухаліся ў бок плошчы Леніна. Тады яшчэ на скрыжаванні стаяў клуб для гульні на аўтаматах. І назва ў яго была гучная – «Банзай». На ўездзе ўва двор, што побач з гэтым клубам, штосьці рабілі два гопнікі. Нават не помню, што яны нам сказалі. Я паскорыў крок, але Анка паспела нешта ім выкрыкнуць. Дзяўчына яна была шалёнай і мела звычку на такія выбрыкі. Гопнікі нас нагналі. Пачалі «наезд». Анка пачала была штось грубае ім у адказ. Але я стаў перад ёй, а яе саму рукой за сваю спіну адвёў.

– Нейкія праблемы, хлопцы? – спытаў я. Аднак тое былі зусім не хлопцы, а 30-гадовыя дзядзькі.

– Да цябе пытанняў няма, – кажа адзін з іх. – Нам з ёй трэба паразмаўляць.

– Ды гавары са мной.

– А ты што – упрагаешся за яе?

– Так, размаўляй са мной, – кажу, а ў самога ажно калені калоцяцца. Страшна, бо ўжо цёмна, на вуліцы нікога няма. А я яшчэ ніколі ў жыцці не біўся па-сапраўднаму.

– Дык што яна там крычыць нам? Паказвае нешта?.. Ты ведаеш, што за такое робяць?

– Разумею, – кажу я.

– І ты гатовы стаць за яе спіной?..

– Я гатовы стаць за яе тварам.

– ... Базару няма. Паважаю, – сказаў гопнік і працягнуў мне руку. Я здрыгануўся ад нечаканасці. – Не бойся, – кажа ён, – давай «краба», – паціснулі адзін аднаму рукі. – Але ж дзяўчына твая няхай лепш маўчыць. А то патрапіш з-за яе... А гэта што ў цябе? – паказвае на флікер Пагоню.

– Флікер. Пагоня, – кажу я.

– Вооо... Ведаеш, а я таксама некалі ў БНФ быў. Нават партыйны білет дзесці захаваўся. ... Слухай, а давай вып′ем. У нас во – віно ёсць...

– Не, выбачайце, хлопцы, але ж трэба спяшацца, бо з канцэрту ідзем.

– А што за канцэрт?

– «Воўчыя сцежкі», – кажу. – Тут, недалёка, за новым мастом. Выбачайце, але насамрэч трэба ісці.

– Добра, – сказаў гопнік. – Але ж глядзі: у наступны раз можа так не пашанціць.

Так і развіталіся. Толькі праз некалькі год, успамінаючы, я зразумеў сэнс сказаных мною тады словаў. «Я гатовы стаць за яе тварам»... Неверагодна, але ж мне насамрэч пашанціла тады. Два п′яных дзядзькі маглі папросту знішчыць мяне ўшчэнт. Але такога не здарылася. Неаднаразова гэты ўспамін натхняў мяне ў цяжкія часіны.

Комментарии

Популярные сообщения