004. Калі ўпершыню пераадольваеш страх, назад дарогі няма
Мы дамовіліся з хлопцамі, што справу
зробім у суботні вечар, калі ў КДБ нікога
не будзе. Зараз ужо не ўспомню, ці ад
гуманнасці быў гэты выбар, ці проста ад
страху, што нас тут жа зловяць. Ну а
вядома, калі зловяць на месцы, то біць
будуць няшчадна. Тады, напэўна, і прабацьку
Абрама ўспомніў бы.
І вось мы вырашылі, што гэта будзе субота,
16 кастрычніка. Усе рэчы былі ў мяне:
напалм у слоіку, парожнія бутэлькі, рэчы
для пералівання – пальчаткі і лейка.
Дамовіліся, што я патэлефаную Арцёму,
ён возьме Паўла і пойдзем на крэпасць.
Там мы ўсё перальем, пойдзем бліжэй да
ночы да КДБ, кінем і разбяжымся. Расклад
быў не вельмі складаны.
Дзесьці а чацвёртай вечара я патэліў
Арцёму. Спытваю: «Дзе сустрэнемся? Можа,
ля Белай царквы?» Ён пагадзіўся. Ужо не
помню дакладны час, але я склаў рэчы ў
клятчасты баул, нацягнуў заплечнік і
пайшоў пехатою да царквы. Да яе было
чатыры кварталы. Там ужо мяне чакалі
Павел і Арцём. Мы павіталіся і рушылі
па вуліцы Карбышава да Масонава, і ўжо
па ёй дайшлі да гаржавога рэдзюіта з
равелінам, што на пятым палігоне
Бабруйскай крэпасці.
Абралі будынак за валам. На яго яшчэ па
вітых усходах можна узысці, каб аглядаць
аколіцы. Такі, даволі сімвалічны бастыён.
У яго сцены яшчэ з паразбуранымі вокнамі:
нагадваюць чэрапы. Таксама там ёсць
участак, дзе перакрыцце паміж паверхамі
абвалілася. Гісторыкі кажуць, што ў
савецкі час гэты бастыён хацелі ўзарваць.
Заклалі ўзрыўчатку, але будынак толькі
падскочыў і стаў на месца.Толькі
перакрыцце абвалілася ў тым месцы, дзе
была ўзрыўчатка. Тады вырашылі, што
танней будзе засыпаць бастыён. (Дарэчы,
хто хоча ўявіць, якім гэты будынак быў
раней, паглядзіце на Бабруйскае СІЗА.
Яно знаходзіцца ў адным з бастыёнаў.)
Ужо вечарэла, калі мы прыйшлі на месца.
Узняліся на другі паверх, адразу над
лесвіцай, пачалі па-крысе рыхтаваць
свае «гранаты». Гэта была доўгая справа.
Насамрэч, даволі складана пераліць
клейкую вадкасць у тонкае рыльца
бутэлькі. Нават лейка нам не надта
дапамагала. Усё склейвалася, не праходзіла
праз танюткае жарало, трэба было
прапіхваць, пальцам гэта не зробіш, бо
вады няма, пальчаткі прыклейваюцца...
Карацей, доўгая, марудная справа ў нас
была. І ўжо калі амаль цёмна было, мы
рушылі ў бок КДБ.
З рэдзюіта мы пайшлі праз двары ў бок
скрыжавання вуліц Інтэрнацыянальная
і Сацыялістычная. Часу ў нас яшчэ
заставалася парадкам, таму мы зайшлі ў
адзін з пад'ездаў 115-га дома па вуліцы
Сацыялістычнай. Гэта, прыкладна, паўтара
кіламетры ад рэдзюіта. У нас было з сабой
піва. Напівацца ніхто не збіраўся, але
ж трэба было неяк час бавіць. Вось і пілі
пакрысе, смакуючы гэтае пойла (была
нейкая недарагая марка).
За гэты час мы абумовілі, як будзем усё
рабіць. Дамовіліся так, што пакладзем
свае рэчы ўва двары насупраць КДБ. Знімем
курткі і па сігнале Арцёма, які павінен
будзе праверыць ці ўсё «чыста», перайдзем
дарогу, шпурлянем бутэлькі, вернемся
да месца, дзе ляжаць нашыя рэчы, паглядзім
адзін на аднаго і разыйдземся ў розныя
бакі.
На вуліцу выйшлі, калі ўжо цёмна было.
Ад 115-га дома прайшлі праз двор да прыпынку
«Гасцініца «Бабруйск»» на вуліцы
Савецкай. Там мы наўпрост перайшлі
дарогу ў наступны двор. Там мы зайшлі ў
нішу з задняга боку будынка «Інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага
асяроддзя». Знялі заплечнікі, курткі,
Арцём пайшоў разведаць абстаноўку на
вуліцы Пушкіна.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся. Але
гэты час нам падаваўся вельмі доўгім.
Ён сказаў, што там нікога няма. Сустрэў
аднаго сябра з нейкім хлопцам. Аднак
здолеў знакамі патлумачыць яму, што
сёння па гэтым адрэзку Пушкіна лепш не
гуляць. Таксама былі нейкія людзі на
прыпынку «вуліца Пралетарская» з нашага
цотнага боку. Але гэта даволі далёка
дый стаяць там нейкія дзяўчыны.
Пасля гэтага мы дасталі бутэлькі з
напалмам, паглядзелі адзін аднаму ў
вочы, нацягнулі медычныя маскі і рушылі
ў бок КДБ. На вуліцу мы выйшлі паміж 188
і 190-м дамамі. Перайшлі праз дарогу да
будынку: Павел падыйшоў да таго кута,
што бліжэй да Інтэрнацыянальнай, а я –
да процілеглага, дзе быў ганак. Я
сканцэнтраваўся на сваёй задачы і ўжо
не бачыў нічога навокал акрамя патрэбнага
для яе выканання. У левай руцэ запальніца
пьеза, у правай – бутэлька з напалмам.
Я нахіліў яе такім чынам, каб падпаліць
самаробны кнот. Пстрык, пстрык – не
запальваецца. У мяне кроў зледзянела,
рука затрэслася, так сціснуў бутэльку.
Але я працягваў пстрыкаць. І вось, нарэшце
з'явіўся агонь. Кнот адразу узяўся агнём.
Я шпурлянуў бутэльку, павярнуўся праз
правае плячо – і наўцёкі да месца, дзе
мы пакінулі свае рэчы. Калі я быў на
праезнай частцы, то пачуў гук разбітага
шкла. Гэта Павел кінуў бутэльку – як і
дамаўляліся – праз пару секунд, як
шпурлянуў я.
Усе ўтраёх мы падбеглі да «Інспекцыі
прыродных рэсурсаў», апрануліся, знялі
маскі, паглядзелі адзін аднаму ў вочы,
кіўнулі і разышліся. Павел і Арцём пайшлі
ў бок Савецкай, а я – на прыпынак
«Кінатэатр «Таварыш»». Сеў на лаву,
чакаю транспарт. Падаецца, што цэлая
вечнасць мінае. Вось ужо міліцэйская
машына з боку Савецкай паварочвае. Я
разумею, што трэба трымацца спакойна.
Паглядзеў на машыну і плаўна адвёў
позірк. Быццам, я не я і хата не мая.
Міліцэйская машына праехала, а транспарту
ўсё няма. Што за халера!? У мяне ўнутры
ўсё раздзіраецца, дрыжыць, хоча крычаць,
уцякаць, штосьці рабіць... А мне трэба
сядзець на месцы, быццам нічога не
здарылася.
Вось, падышла маршрутка. Я рэзка ўстаю
з месца і заскокваю ў яе. (Ці я спакойна
зайшоў? Не ведаю. Але здаецца, што менавіта
заскочыў.) І тут я адчуў, што ад мяне
смярдзіць бензінам. Машына поўная
людзей. І мне здаецца, што ўсе ведаюць,
што адбылося ля будынку КДБ. Таму, калі
мы пад'ехалі да наступнага прыпынку, я
выйшаў з маршруткі. Ад стадыёна «Спартак»
я рушыў да дому дварамі і праз прыватны
сектар.
Калі прыйшоў дамоў, то ўбачыў, што мая
матуля прыехала і ўжо легла спаць. Але
яна прачнулася ад смуроду, які сыходзіў
ад майго заплечніка. Яна спытала, што
гэта смярдзіць так. Мне трэба было
выкручвацца. У галаву адразу прыйшоў
успамін, што ідзе перадвыбарчая кампанія.
Таму я схлусіў, што ездзіў з паплечнікамі
на машыне каб агітаваць за кандыдата ў
прэзідэнты.



Комментарии
Отправить комментарий